Смерць на дарозе: вінаваты флікер, якога не было

By , 24/08/2016 20:32

8 жніўня а дванаццатай гадзіне ночы на аўтадарозе “Кобрын – Гомель – мяжа Расійскай Федэрацыі” каля вёскі Смятанічы велікагрузным аўтамабілем быў збіты веласіпедыст, які знянацку выехаў на трасу. Пра гэта расказаў старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Сяргей СЯНЬКО.

Паводле яго слоў, пацярпелы з цялеснымі пашкоджаннямі быў дастаўлены ў раённую бальніцу, дзе праз некалькі гадзін памёр.

 Па папярэдняй інфармацыі, вадзіцель аўтамабіля быў цвярозы. У пацярпелага на адзенні адсутнічалі святлоадбівальныя элементы, што і стала асноўнай прычынай трагедыі.

У адносінах вадзіцеля аўтамабіля раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага Кодэкса, дзе прадугледжана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

М. ЯГОРАВА.

«Петрыкаўскія навіны» ад 15.08.2016